Farba беларускага Інтэрнэта
Паўгады таму па беларускамоўным сайтам прайшла інфармацыя пра адкрыццё
інтэрнэт-часопіса Farba.net. З таго часу
актыўнага анансавання новага рэсурса не было. І часопіс да гэтага дня
ведаюць і чытаюць толькі ў вузкіх колах беларускамоўнай інтэрнэт-тусоўкі.
Новае выданне выклікала разнастайную рэакцыю. Падавалася, што людзі,
якія яго робяць, уяўляюць сабе Беларусь вельмі дзіўна, ужываюць нейкую
іншую беларускую мову... А сярод аўтараў Farba.net чытачы пабачылі шмат
незнаёмых прозвішчаў. Узрушвае месіянская пазіцыя стваральнікаў часопіса:
"Farba жадае, каб нашы чытачы добра апраналіся. Таму мы пішам пра
моду.
Farba жадае, каб нашы чытачы вялі разумныя гутаркі пра кіно й пілі
балгарскае віно ў беларускіх рэстарацыях. Таму мы пішам рэцэнзіі на
фільмы. Farba жадае, каб нашы чытачы былі спакойнымі, добразычлівымі,
не тармазнутымі, каб яны вылучаліся з натоўпу, а натоўп імкнуўся стаць
такімі, як яны"... І гэтак далей: вы не ведаеце, што такое вэблог
- мы распавядзем; мы пакажам, якія беларускія сайты вартыя; мы далучым
вас да еўрапейскага літаратурнага кантэкста. І вось, нарэшце, у апошнім,
пятым, нумары, - мы навучым беларусаў, як выйсці з эканамічнага крызісу.
Людзі, што выступаюць у часопісе ў якасці субяседнікаў і з якімі абмяркоўваюцца
сур'ёзныя пытанні, падобныя на нейкіх віртуальных персанажаў, пра якіх
складана сказаць, ці ёсць яны насамрэч. Іх прдстаўляюць нам проста "беларус",
проста "амерыканец", які-небудзь "студэнт РТІ" ці
проста "мой добры сябра". Дзіўны для традыцыйнай журналістыкі
спосаб выбару экспертаў, але, магчыма, ён цалкам адпавядае фармату інтэрнэт-выдання.
Прынамсі, спроба задаволіць інтарэсы пэўнай аудыторыі беларускага Інтэрнэта,
безумоўна, вартая нашай увагі. Farba.net выходзіць ужо пяты раз, паляпшае
свой графічны дызайн, і стваральнікі часопіса, відавочна, не збіраюцца
спыняцца на тым, чаго ўжо дасягнулі.
Інтэрнэт дапамагае аўтарам Farba.net захоўваць своеасаблівую адцягненасць,
ананімнасць. І нават канкрэтныя пытанні рэдактару часопіса Алексу ПАПОВУ
высветлілі няшмат.
- Вельмі цікава даведацца пра заснавальнікаў і аўтараў праекта Farba.net.
Адкуль яны, чым займаюцца? Ці ёсць сярод іх прафесійныя журналісты?
- Заснавальнікам праэкта з'яўляецца Farba Group у тварах рэдактара,
дызайнера, журналістаў, дарадчыкаў у галіне мовы, рэкламы ды грамадскіх
кантактаў. Людзі якія працуюць з намі, ведаюць мову, ведаюць, дзе шукаць
інфармацыю, як ёю карыстацца, у іх ёсць стыль, яны - прафесыяналы. А
калі вы хочаце даведацца, ці скончыў хто з нашых журналістаў журфак,
дык я не ведаю - не пытаўся.
- Ідэя вашага праекта спантанная ці гэта вынік нечай доўгай працы?
- Як кожная нармалёвая ідэя, наша была таксамаспантанная. Але да таго,
як яе выказалі, кожны з нас выпрацоўваў яе ў прыватнасці, а потым пэўны
час мы апроцоўвалі яе ўсе разам. Так што калі мы пачалі рабіць часопіс,
мы ўжо ведалі, чаго жадаем ды на што здольныя.
- Раскрыйце канцэпцыю Farba.net?
- Мы складаем выданне еўрапэйскага фармата з акцэнтам на нацыянальныя
інтарэсы.
- Калі гэта не сакрэт, на якія фонды робіцца ваш прект, як вы плануеце
шукаць фінансы ў будучым?
- Мы спадзяемся, што праект будзе самазабеспячальны.
- Для каго вы робіце свой рэсурс? Ці можна ўжо скласці нейкае ўяўленне
пра аудыторыю вашага праекта?
- Так, льга. Гэты праект дзеля людзей ва ўзросце ад 15 да 35 год, якія
не хнычуць аб тым, як дрэнна жыць у нашай краіне, якія не тармазяць,
якія ужо ўмеюць альбо жадаюць навучыцца думаць, якія шануюць стыль.
- Мова вашага пректа не зусім звычайная. На якія ўзоры вы арыентуецеся?
- На тарашкевіцу. Але тарашкевіца на працягу многіх дзесяцігоддзяў
не развівалася, таму мы лічым, што маем права развіваць мову ва ўласным
кірунку. Час дамо ведаць.
- Якія мэты вы ставіце перад сабой і як плануеце развіваць Farba.net?
- Мы будзем працаваць і ўпарта забудземся на такія словы беларускай
журналістыкі, як "лянота" ды "адстой".
Ці будзе гэты часопіс задаваць тон, калі з'явяцца іншыя часопісы, інфармацыйныя
рэсурсы і Байнэт пафарбуецца ў іншыя, больш яркія колеры? Надыходзіць
час, калі трэба не толькі клапаціцца пра тое, каб забіць пустыя палічкі
віртуальнага шапіку якім-небудзь любым прадуктам, але і думаць пра ягоную
якасць і ўлічваць патрэбы нашай аудыторыі.Тым не менш добра, што такія
праекты ёсць, асабліва зараз, калі беларускі, а тым больш беларускамоўны
чытач пакуль не адчувае, што ў Інтэрнэце ёсць каму аб ім паклапаціцца.