ЧТО МЫ УМЕЕМ?
КОНТЕНТ БЕЛНЕТА
ПОЛЕЗНЫЕ МАТЕРИАЛЫ
СВЯЖИТЕСЬ!

ВЫБРАТЬ РЕШЕНИЕ

Уладзімір Каткоўскі: "Беларусы часам самі сабе нецікавыя"

На рэсурсе пра беларускую мову Pravapis.org нядаўна з'явілася цікавае даследванне так званага "netspeak" - гаворкі, якую ўжываюць беларускамоўныя карыстальнікі Сеціва. Мы гутарым з Уладзімірам КАТКОЎСКІМ, аўтарам даследвання і стваральнікам рэсурса Pravapis.org.

Лінгвістыка - адно з захапленняў гэтага размаітага чалавека: зараз ён працуе ў Нямеччыне IT-аналітыкам кампаніі Accenture, тым часам як яго аватары Rydel і Эсмеральда актыўна дзейнічаюць у беларускім нэце і на беларускіх дыскусійных пляцоўках. Ствараецца ўражанне, быццам бы яны прысутнічаюць усюды і нішто не ўнікае іхнага дапытлівага пагляду. (У адказах мы захавалі арфаграфію аўтара.)

- Скажы, калі ласка, у чым місія pravapis.org? І, гледзячы па водгуках і статыстыцы, наколькі запатрабаваны гэты праект?

- Бясспрэчна, зьяўленьне Інтэрнэта (у кантэксьце Беларусі) дала нам, беларусам, магчымасьць лепш рэпрэзэнтаваць сваю краіну. Мы вельмі доўга жылі "чужым жыцьцём", у чужой інфармацыйнай абшары (Расейская імпэрыя, потым СССР), і ўся інфармацыя пра нас у замежжы зьяўлялася праз расейскія крыніцы, якія цяжка назваць аб'ектыўнымі. Пашырэньне Інтэрнэта дазволіла нам досыць хутка зьліквідаваць гэтую "белую пляму" (ці хутчэй перафарбаваць пляму ў той колер, які больш нам адпавядае). Паводле пашукавіка google.com, больш як на 2 мільёнах вэб-старонак прысутнічае слова "Belarus". Цяпер мы самі можам расказаць пра сябе.
Наагул, Сеціва - гэта сродак камунікацыі, які можа зьвязваць, а можа раздзяляць.

Як ён злучае, гэта разумее кожны, хто бываў у інэце. А як разлучае і раздзяляе? Па-першае, гэта кібэрвойны, хакінг (напрыклад, падчас апошняй онляйн-канфэрэнцыі аднаго беларускага палітыка быў зьнішчаны ўвесь сайт той палітычнай арганізацыі, на чыёй бачыне адбываўся чат). Па-другое, прыгадайма майстэрства флэйму. У рэале ён папросту немагчымы! Па-трэцяе, успомнім пра сямейныя сваркі, калі адзін з партнэраў "падсажваецца" на Iнтэрнэт і губляе ўсялякі інтарэс да людзей у рэчаіснасьці. Разводы з гэтай нагоды ўжо не зьяўляюцца навінай.

Місія Pravapis.org - злучальная. Мая мэта - злучыць дзьве групы людзей, якія ніколі раней не сутыкаліся. Рэч у тым, што аўдыторыя сайта падзелена на дзьве вельмі адрозныя "палавінкі". Першая - англамоўныя наведнікі, якія цікавяцца беларускай мовай. А другая - беларускамоўныя ўдзельнікі, якія цікавяцца філялёгіяй, лінгвістыкай, папросту нашай мовай ва ўсіх аспэктах. Зь іх толькі адна "палавінка" з большага раскручаная: Pravapis.org добра вядомы сярод нашых лінгвістаў і філёлягаў. Раскруткай другой часткі я яшчэ не займаўся, бо гэта рабіць зарана. База англамоўных артыкулаў яшчэ занадтна малая. Я не хачу купляць AdWord (рэклямныя ключавыя слова ны google), каб потым плаціць 10-20 цэнтаў за кожнага наведніка і прыводзіць яго на паўпусты сайт, дзе на дадзены момант можна ўбачыць толькі 4-5 артыкулаў па-ангельску. Я маю пляны ў бліжэйшыя некалькі месяцаў дадаць шмат артыкулаў на ангельскай мове. Тады і займуся англамоўнымі.

Патэнцыйна гэтая частка маёй аўдыторыі можа быць значна большая па памеры за беларускую. Але якасна яны адрозьніваюцца. Гэта хутчэй будуць наведнікі амаль з нулявымі ведамі, якія будуць шукаць самую базавую інфармацыю, накшталт электроннай вэрсіі размоўніка ці сьпісу асноўных выразаў. Іх будзе цікавіць, як сказаць "я цябе кахаю" па-беларуску (каб уразіць віртуальную незнаёмку), а не артыкул пра тое, ці можна разглядаць клічную форму як асобны сёмы склон.
Калі казаць пра канкрэтныя лічбы на дадзены момант: звычайна прыходзяць каля 30 чалавек штодня, але калі зьяўляецца новы артыкул ці ўтыліта, то сягае да 150 ўнікальных у дзень. Я маю лічыльнік "Акавіты", і мая статыстыка адкрытая для ўсіх.

- Што пра беларускі Інтэрнэт ведаюць у свеце? Як ён уплывае на веды замежнікаў пра Беларусь і нашых людзей?

- Я ж не Jeeves, каб на такія скамплікаваныя пытаньні даваць адказы (усьміхаецца). Але я думаю, што ўплывае зусім слаба. Я нават думаю, што чацьвертае мейсца па хакею на Алімпіядзе, выклікала значна мацнейшы розгалас, чым усе нашы вэб-старонкі за ўвесь час існаваньня Інтэрнэта. Ёсьць некалькі папулярных вэб-старонак пра Беларусь на ангельскай мове ("Віртуальны гід" па Беларусі, Belarus Miscellany), але гэта дробненькая кропелька ў вялікім забруджаным акіяне WWW.

- Для многіх людзей Інтэрнэт - адзіная магчымасць размаўляць на роднай мове. Як ты думаеш, магчыма, што гэта паспрыяе разьвіццю беларускасці ў рэальным жыцці?

- Адно ёсьць люстэркам другога. Беларуская мова ў Сеціве пачуваецца добра, і я назіраю, як ейная сфэра ўжытку з кожным годам значна пашыраецца. Значыць, напэўна, і ў рэчаіснасьці адбываецца нешта падобнае (хаця дакладна паралелі праводзіць небясьпечна і не заўсёды правільна).

- Як табе, дарэчы, мова Farba.net, нейкія дзіўныя канчаткі?

- Ці толькі канчаткі? Я табе скажу, Вячоркі на іх няма (смяецца). Калі больш сур'ёзна, то ім патрэбны прафэсійны карэктар і стыль-рэдактар. Наагул, шмат чаго можна параіць. Я толькі два нумары бачыў і пакуль не хачу задужа крытыкаваць маладое пэрспэктыўнае онляйн-выданьне.

- Раней людзі, якіх няшмат было ў Сеціве, займаліся ўсім адразу. Зараз суполка падзялілася на тых, хто стварае Інтэрнэт (і карыстаецца збольшага спецыялізаванымі рэсурсамі) і тых, хто яго спажывае. Як гэта ўплывае на змест і характар
Сеціва?

- Спэцыялізацыя - гэта добрая і натуральная зьява. І я гарачы яе прыхільнік. Гэта гарантуе лепшую якасьць ва ўсіх аспэктах. То бок, скрыпт будзе працаваць без багаў, здымак будзе выглядаць як з вокладкі часопіса Cosmopolitan, тэкст будзе якасны і без памылак. Няхай фірма сэртыфікуюцца па ISO 9001, няхай флэш-аніматар ня робіць анічога, апрача флэшак, няхай спэцыяліст па PHP піша толькі скрыпты і канфігуруе Apache, няхай спэцыяліст па usability правярае кожную спасылачку. Гэта цудоўна. Гэта гарант лепшай якасьці канчатковага прадукта. А аматарскія праекты ўсё адно застануцца.

- Давай пагаворым пра універсалізм людзей, якія працуюць у Інтэрнэце. Ці думаў ты калі-небудзь, што тыя, хто трапіў у Інтэрнэт даўно, абавязкова незвычайны самі па сабе людзі?

- Можа, толькі ў тым сэнсе, што піянэры заўжды недзе наперадзе і таму з шарага натоўпу выдзяляюцца заўсёды. Але тое, што яны былі наперадзе, не гарантуе ім посьпеху ў будучыні. Інтэрнэт - гэта такі мэдыюм, дзе сытуацыя мяняецца вельмі хутка. Каб заставацца наперадзе, трэба ўвесь час прыкладаць вялікія намаганьні.

- Якія рэсурсы патрэбныя беларусам больш за ўсё, каб наш Інтэрнэт быў цікавы для замежнікаў?

- А навошта нам іх прывабліваць? Я проста ня бачу сэнсу. Як казаў клясык, Байнэт - для беларусаў (смяеецца). Ведаеш, Аліса, мы, беларусы, часта самі сабе нецікавыя, а ты патрабуеш цікавасьці да нас звонку. Я думаю тут дзейнічае вельмі простае правіла: калі мы будзем ІМ цікавыя, яны САМІ створаць сайты пра нас. Вось толькі некалькі сайтаў, створаных у замежжы пра нас: www.bialorus.pl, www.belarusnews.de, www.belarus.cz


 


Гутарку вяла Аліса БІЗЯЕВА.
апублікавана ў газеце "Чалавек&Internet"

   
 
alice@litara.net
Алиса Бизяева